Чарговы сезон спаборніцтваў у фігурыстаў краіны падыходзіць да завяршэння. Думаю, што мясцовыя аматары прыгожага і грацыёзнага віду спорту — фігурнага катання — успомняць, што адкрывалі яго ў жніўні мінулага года якраз турнірам у Пружанах. Пасля наш Лядовы палац прымаў яшчэ адны спаборніцтвы ў кастрычніку. І вось, нарэшце, пасля пяці месяцаў перапынку, сюды зноў з’ехаліся фігурысты з розных рэгіёнаў Беларусі, каб пазмагацца за «Кубак Пераможцаў». Менавіта так называліся Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні, якія праходзілі ў нашым горадзе з 18 па 21 красавіка.
Скажам адразу: танцавальных пар ці сінхраністаў на гэты раз не было. Аднак не менш цікава было назіраць за выступленнямі адзіночнікаў. Геаграфічна яны прадстаўлялі чатыры вобласці краіны: Брэсцкую, Мінскую, Гродзенскую і Гомельскую, або 10 гарадоў Беларусі, уключаючы Пружаны. На лёдзе змагаліся як навічкі і юныя фігурысты, так і ўладальнікі пэўных спартыўных, юнацкіх разрадаў, прыехалі кандыдаты ў майстры спорту, зацікавіў турнір нават фігурыстаў-аматараў.
Па выніках пракату адвольнай праграмы Міхаіл Князеў (на фота) заняў другое месца сярод навічкоў-хлопчыкаў. Годны вынік для першых у жыцці спаборніцтваў!
Не адсталі ад Мішы і навічкі-дзяўчаты. Дарэчы, першым турнірам многіх з іх таксама стаў «Кубак Пераможцаў» у Пружанах. Праўда, мінулагодні. На гэты ж раз сярод дзяўчынак старэйшай групы бронзавую ўзнагароду па выніках адвольнай праграмы заваявала Марыя Новік.
А вось у групе «Б» сярод малодшых дзяўчынак п’едэстал поўнасцю занялі навічкі з пружанскай СДЮШАР. Першая тут Алёна Шэпель, на другім месцы — Сафія Труш, бронзавая ўзнагарода — у Кіры Касцючэнка. Трэба сказаць, што адрыў у балах паміж дзяўчынкамі мінімальны. У сваёй жа групе нашы дзяўчынкі абышлі навічкоў з Брэста і Баранавіч.
Хочацца спадзявацца, што яны ж стануць вынікам і для іншых фігурыстаў пружанскай каманды, трэніруюцца якія, нагадаем, пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч. Што ж, чакаем добрых навін ужо ў новым сезоне і цікавых турніраў на дамашняй арэне ў Пружанах.