23 кіламетры па дарозе мужных
Гісторыя Вялікай Перамогі — гэта не толькі старонкі падручнікаў, але і жывая памяць, якую захоўвае кожнае пакаленне беларускага народа. У азнаменаванне юбілейнай даты на дарогах рэгіёна прайшоў маштабны велапрабег, які аб’яднаў тых, хто шануе подзвіг герояў. Патрыятычная акцыя прайшла ў Пружанскім раёне, дзякуючы ініцыятыве прафсаюзнага камітэта цэнтральнай раённай бальніцы. Сярод удзельнікаў — медыкі ЦРБ, для якіх «абавязак», «мужнасць» і «выратаванне» не проста словы, а штодзённая праца. Разам са сваімі сем’ямі яны яшчэ раз успомнілі аб подзвігу воінаў-вызваліцеляў.
Маршрут велапрабегу па месцах воінскай і баявой славы склаў 23 кіламетры. Старшыня прафкама Ірына Шэйка падрабязна расказвала ўдзельнікам пра кожны мемарыял, ля якога спыняліся, пра тое, якой цаной дасталася перамога ў гэтых месцах. У памяць аб героях-салдатах, якія аддалі свае жыцці за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзельнікі прабегу ўсклалі кветкі і вянкі ля падножжа мемарыялаў, ушанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання.
У маладых медыкаў атрымаўся найлепшы ўрок гісторыі, які можа быць. Як салдаты Перамогі ішлі наперад праз усе выпрабаванні, так і ўдзельнікі прабегу пераадольваюць свой маршрут, аддаючы даніну павагі стойкасці, мужнасці і гераізму сваіх продкаў.