А мы Масленіцу віталі!

А мы Масленіцу віталі!

 

З гэтай нагоды ў мінулую нядзелю на гарадской плошчы прайшло традыцыйнае масавае гулянне. Хаця дзень і атрымаўся даволі халодным, нібыта нагадваючы, што вясна сёлета можа затрымацца.

Аднак вецер і хмары нікому не псавалі настрой, наадварот, на працягу некалькіх гадзін уся плошча літаральна гудзела — спявала, танцавала, спаборнічала ў конкурсах і проста весялілася. Адны ўдзельнікі свята ўзнімалі настрой, выступаючы са сцэны з прыпеўкамі, адгадваючы загадкі і атрымліваючы памятныя прызы. Менавіта для такой катэгорыі самадзейныя артысты падрыхтавалі надзвычай насычаную канцэртную праграму, у якую былі ўключаны музычныя нумары калектываў і салістаў з Роўбіцкага, Мураўскага, Сухопальскага, Ліноўскага, Мокраўскага, Старавольскага і Кляпацкага клубаў.
Іншыя проста назіралі за першымі, займаючы свабодныя месцы за столікамі і смакуючы гарачыя блінцы. Таксама былі арганізаваны забавы і для малых, пачынаючы ад машынак і заканчваючы прыцягальнымі і забаўляльнымі дробязямі. Словам, раўнадушных не назіралася або іх немагчыма было разгледзець сярод лунаючых усмешак.

Кульмінацыяй гуляння стаў слуп з падарункамі на самай верхавіне. Яго вышыня засмуціла многіх удзельнікаў, ды настолькі, што працяглы час ніхто і не адважыўся. Аднак страшэнна было глядзець знізу, а на самай справе… Няма такіх вяршынь, што не адолеюць пружанцы! Што і даказаў гараджанін Раман Гавейна, які літаральна за некалькі мінут дабраўся да прызоў. А з улікам таго, што Раман — шматдзетны тата, які гадуе чатырох дзяцей, то яму было дазволена зняць два падарункі.