Навечна ў памяці
Асаблівую ўвагу работнікі сферы культуры надаюць захаванню памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні і падчас рэспубліканскага суботніка працоўныя клектывы ўстаноў культуры правялі добраўпарадкаванне помнікаў ваеннай гісторыі.
Так, Калядзіцкі сельскі Дом культуры і сельская бібліятэка прыбралі тэрыторыю вакол помніка загінуўшым землякам у аграгарадку.
Члены пярвічнай арганізацыі аддзела культуры райвыканкама РГА «Белая Русь», Мураўскага сельскага Дома культуры, Сухопальскага сельвыканкама, ваеннаслужачыя пагранічнай заставы № 1 (Хвойнік) прывялі ў годны стан пахаванні мірных жыхароў каля в.Чадзель і памятны знак чырвонаармейцу Г.Н.Кажэўнікаву каля в.Папялёва.
Стравольскі сельскі клуб-бібліятэка зладзіў працоўную акцыю каля воінскага пахавання ў аграгарадку.
Калектыў Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў традыцыйна ўпарадкаваў памятны знак спаленай в.Канстанцінава.
Шэраг арганізацый Ліноўскага сельсавета прынялі ўдзел у акцыі «Подзвіг землякоў жыве ў нашых сэрцах». Падчас яе былі высаджаны туі і прыбрана прылеглая тэрыторыя каля помніка загінуўшым землякам у в.Аранчыцы. Разам з усімі ў акцыі ўдзельнічалі калектывы Ліноўскага сельскага Дома культуры і сельскай бібліятэкі.